Фэдэрэр: «Магу зрабіць гэта зноў»

federer_playing
Першая ракетка сьвету швайцарац Роджэр Фэдэрэр заявіў, што ў будучым сэзоне зможа зноў стаць непераможным і выйграць яшчэ больш турніраў, чым у мінулым.

«Летась на старце сэзону ў мяне былі праблемы са сьпіной, – сказаў Фэдэрэр у нядзелю напярэдадні старту на турніры ATP у Досе. – Я прайграў Эндзі Марэю, Новаку Джокавічу і Рафаэлю Надалю, якія пачалі сэзон куды лепш за мяне. Але цяпер пачуваюся выдатна, я добра падрыхтаваўся, каб быць упэўненым у будучых перамогах».

Роджэр быў першай ракеткай сьвету з лютага 2004 году па жнівень 2008-га, калі з першага радка рэйтынгу яго зрушыў Надаль. Летась 28-летні выхадзец з Базэля ня толькі вярнуў сабе званьне лепшага тэнісіста сьвету, але і ўсталяваў рэкорд па колькасьці выйграных турніраў «Вялікага шалома». Зараз у актыве швайцарца іх пятнаццаць – на адзін больш, чым у легендарнага амэрыканца Піта Сампраса.

«Падчас сэзону я гуляў усё лепш і лепш, – цытуе Фэдэрэра РІА «Навіны». – Выйгрыш у Парыжы і на Ўімблдоне пацвердзіў, што я непераможны. Я магу зрабіць гэта зноў. І гэта вельмі выдатна – разумець, што я здолею гэта зрабіць». Дадамо, што на старце турніру ў Досе Роджэр мае згуляць з бэльгійцам Крыстафам Рохусам.

Фота Getty Images